ARTES LIBERALES 2014: Мастацтва і Тэхна-Логіі

Ад 6 лютага да 2 сакавіка 2014 года ў галерэі «Ў» (Мінск) у трэці раз пройдзе выставачна-адукацыйны праект ARTES LIBERALES .

Адкрыццё: 6 лютага, 19:00

ARTES LIBERALES — гэта мастацкі і адукацыйны эксперымент, які мае на мэце асэнсаванне істотнасці гуманітарнай адукацыі і неабходнасці вывучэння вольных мастацтваў у сучасным грамадстве.

ARTES LIBERALES — гэта фестываль ідэй і арт-праектаў, створаных моладдзю, якая вывучае вольныя мастацтвы і імкнецца ў мастацкай і медыяльнай форме прапанаваць уласнае бачанне навакольнай рэчаіснасці і спосабаў яе інтэрпрэтацыі.

ARTES LIBERALES — гэта цыкл адкрытых і захапляльных лекцый, майстар-класаў, дыскусій і круглых сталоў з удзелам найлепшых прафесараў і лектараў Беларусі і Еўропы. Праграма акадэмічных мерапрыемстваў праекта мае міждысцыплінарны характар і ахоплівае шырокую гуманітарную прастору (тэорыя і гісторыя візуальных мастацтваў, гендарныя даследаванні, філасофія, сацыяльныя навукі, урбаністыка, культурная спадчына і музеязнаўства, медыятэорыя ды іншыя галіны ведаў).

На тры тыдні прастора галерэі «Ў» ператворыцца ў адкрыты ўніверсітэт — даступны для ўсіх і кожнага. Знаёмства з традыцыямі і найноўшымі тэндэнцыямі ў галіне разнастайных сацыягуманітарных дысцыплін прапануецца здзейсніць праз сінтэз інтэлектуальных практык і творчых праектаў.

Тэматычны фокус праекта ў 2014 годзе — Art+Science+Technology, альбо «траісты саюз» навукі, мастацтва і тэхналогій у прасторы дыгітальнай культуры.

Што супольнага паміж майстэрняй мастака, лабараторыяй, кіна- ці фотастудыяй, кабінетам навукоўца і ўніверсітэцкай аўдыторыяй? Гэта прасторы пошукаў, эксперыментаў і адкрыццяў. Што лучыць мастацтва, навуку і тэхналогіі? Паэсіс, здольнасць уяўляць, жаданне спазнаць свет і зрабіць яго лепшым.

Але, нягледзячы на агульнае паходжанне (τέχνη) і кангеніяльную эвалюцыю, дачыненні паміж імі ніколі не былі простымі. Навука імкнулася пазбавіцца ад выпадковага і «відавочнага», мастацтва намагалася адстаяць сваё права на неўтылітарнае стаўленне да свету, паэзія і «пазітыўныя веды» штораз болей аддаляліся адно ад аднаго, а тэхналогіі — як прадукт людской дзейнасці — пакрысе падпарадкавалі сабе сацыяльную рэальнасць.

Між тым, «дыгітальны паварот» стварыў умовы для разгерметызацыі гэтых «паралельных светаў», спрычыніўся да змены як спосабаў стварэння ведаў, так і фарматаў іх папулярызацыі.

Такім чынам, наш праект — своеасаблівая лабараторная мадэль супрацоўніцтва паміж рознымі супольнасцямі і камунікацыі паміж апрычонымі тыпамі ведаў — у межах акадэміі і па-за яе межамі; паміж прадстаўнікамі розных сацыяльных і гуманітарных дысцыплін, паміж тэарэтыкамі і практыкамі ў сферы высокатэхналагічнай культуры; паміж «тэхнарамі» і вольнымі мастакамі.

У праграме:

  • КРУГЛЫЯ СТАЛЫ І ДЫСКУСІІ— «Дыгітальны выклік: будучыня гуманітарных навук», «Грамадства ведаў» да «Грамадства ведаў»: папулярызацыя ведаў у СССР», «Які музей навукі і тэхналогій патрэбны Беларусі?», «Новыя тэхналогіі ў дыстанцыйнай адукацыі», «Паміж навуковай журналістыкай і папулярнай сацыялогіяй», «The World of Tanks: бітвы за гісторыю?», «Медыялізацыя і медыкалізацыя культуры: якім чынам магчыма гісторыя мастацтва ў эпоху інтэрнэту, альбо ці заўжды глядач пацыент?», «Новыя рэпрадуктыўныя тэхналогіі і праблематызацыя мяжы паміж натуральным і штучным у досведзе чалавека»;
  • ЦЫКЛЫ ЛЕКЦЫЙ — «Медыялізацыя ведаў у міждысцыплінарных кантэкстах», «Універсітэт і новыя тэхналогіі», «Мастацтва і фантазія: ад казкі да science-fiction», «Каханне і сэксуальнасць паміж мастацтвам і навукай»;
  • 24hSolaris — аўдыявізуальная інсталяцыя;
  • МАЙСТАР-КЛАСЫ — «Візуалізацыя нецікавых аб’ектаў», «Перапісваючы дзіцячыя казкі: гендар для прынцэс і прынцаў», «Urban Audio/Visual Rhythms»;
  • «Тата мыў раму» — выстава гендарна-адчувальнага дызайну;
  • «Science-Fiction and Cinema» — дэманстрацыя эксперыментальных навукова-папулярных фільмаў і фантастычнага кіно з жывымі саўндтрэкамі электронных музыкаў з Беларусі і Латвіі;
  • ПРЭЗЕНТАЦЫІ НОВЫХ ВЫДАННЯЎ у галіне сацыяльных і гуманітарных навук.

Асаблівасцю экспазіцыйнай праграмы Artes Liberales-2014 будзе яе «рухомы» характар. Стэрыльная прастора галерэі як «лабараторыі» будзе пакрысе напаўняцца графічнымі і кінематаграфічнымі аб’ектамі, у тым ліку прадуктамі супольнай творчасці ўдзельнікаў варштатаў (work-in-progress) і «візуальнымі канспектамі» адукацыйных мерапрыемстваў. Іншымі словамі, выстава будзе стварацца з «чыстага аркуша».

6 лютага (чацвер)

19:00 Альміра Усманава. Уступная лекцыя «Ад камунікатыўнага вобразу да медыялізацыі ведаў, або гуманітарная адукацыя як практыка свабоды (пра канцэпцыю праекта Artes Liberales)».

7 лютага (пятніца)

11:00 Прэзентацыя кнігі Алена Флешэра (Францыя) «Лабараторыя часу. Эсэ пра кіно і фатаграфію» з удзелам аўтара.

Стэнд Амбасады Францыі ў Беларусі. ХХІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш Месца правядзення: НВЦ «БелЭкспа» (г. Мінск, вул. Я. Купалы, 27).

8 лютага (субота)

15:00 Сустрэча з Аленам Флешэрам.

18:00 Круглы стол «Дыгітальны выклік: будучыня гуманітарных навук».Удзельнікі: Аляксей Крывалап, Фелікс Акерман, Дзмітры Карэнка, Альміра Усманава, Андрэй Горных.

9 лютага (нядзеля)

15:00 Архітэктурная суполка Monogroup . Прэзентацыя праекта «Междысцыплінарны хакатон Hack for Future». Мастацтва, тэхналогіі, міжкультурныя масты і дзіўная атмасфера.

17:00 Арцемі Панькоў. Прэзентацыя праекта «Музей электроннай музыкі».

18:00 Альміра Усманава. Лекцыя «Дэіндустрыялізацыя і эпас, або „Хобіт“ як пустэча капіталізму».

10 лютага (панядзелак)

17:00 Рыгор Мінянкоў. Лекцыя «„Адукацыйныя веды“ ў сферы гуманітарных навук: што гэта значыць сёння?».

11 лютага (аўторак)

17:00 Аляксандр Танана. Лекцыя «Інтэрнэт-анімацыя: сацыяльная і культурная логіка новага фармату». Прэзентацыя анімацыі «Калі мы былі гадзіннікамі».

19:00 Антаніна Іванова. Лекцыя «Машына часу ў кіно: трансфармацыя вобразу».

12 лютага (серада)

19:00 Павел Церашковіч. Лекцыя «Памяці Чарльза Роберта Дарвіна: натуральны адбор, першабытны сэкс і (пост)савецкая этнаграфія».

13 лютага (чацвер)

19:00 Ганна Шадрына, Алена Мінчэня. Лекцыя «Паміж навуковай журналістыкай і папулярнай сацыялогіяй». Прэзентацыя кнігі А. Шадрыной «Не замужам: сям’я, каханне і сэкс па-за межамі шлюбу».

14 лютага (пятніца)

17:00 З цыклу «Псіхааналітычны дыскурс пра каханне»

Галіна Русецкая. Лекцыя «Пра некаторыя наступствы, што вынікаюць з формулы Ж. Лакана „сэксуальных стасункаў не існуе“».

Вікторыя Канстанцюк. Лекцыя «Антыноміі кахання і сэксуальнасці».

19:00 Максім Жбанкоў. Лекцыя «Серыйны Шэрлак: хто падставіў містэра Холмса?»

15 лютага (субота)

17:00 Павел Няхаеў . Дыскусія «Электронная музычная сцэна ў Беларусі: актуальныя пытанні». Паказ фільма-інтэрв’ю з арганізатарамі беларускіх электронных лэйблаў (аўтары: Вольга Салахеева, Юлія Кавязіна).

20:00 Паказ фільма «Голем, як ён прыйшоў у свет» (1928), жывое музычнае суправаджэнне — Harmash (электронны праект).

16 лютага (нядзеля)

17:00 Вольга Салахеева. Лекцыя «Live cinema: кіно як перформанс».

17 лютага (панядзелак)

14:00 Павел Няхаеў, Вольга Салахеева. Пачатак варштатаў «Urban A/V Rhythms» (патрэбна загадзя зарэгістравацца на rhythm.research@gmail.com).

17:00 Майстар-клас «Перапісваючы дзіцячыя казкі: гендар для прынцэс і прынцаў» (Вольга Гапеева, Алена Мінчэня, Марта Герашчанка).

18 лютага (аўторак)

19:00 Галіна Арлова. Лекцыя «Вялікія якасныя дадзеныя: прыгнёт і захапленне гуманітарыя ў эпоху татальнай дыгіталізацыі».

19 лютага (серада)

18:00 Дыскусія на тэму «Незалежнае кіно ў Беларусі: хто, як і для каго?». Прэзентацыя прац удзельнікаў фестывалю небюджэтнага кіно «toKino» (Аляксандра Ігнатовіч, Наталля Ненарокамава).

20 лютага (чацвер)

17:00 Аляксандр Пупцаў. Лекцыя «Распрацоўка сучасных дыстанцыйных курсаў: праблемы і перспектывы»

18:30 Таццяна Кулажэнка, Ала Пігальская. Экскурсія па выставе.

19:00 Ала Пігальская. Лекцыя «Савецкі плакат, шрыфт і рэч».

21 лютага (пятніца)

18:00 Андрэс Кург. Лекцыя «На шляху да папяровай архітэктуры. Візіянерскія праекты ў Таліне і Маскве ў познесавецкі час» (мова лекцыі: англійская з перакладам на рускую).

22 лютага (субота)

17:00 Аліна Крушынская, Вольга Гапеева, Вольга Бубіч. «Гендарныя знакі: тэкст і вобраз».

20:00 Паказ фільма «Антэна» (2007), жывое музычнае суправаджэнне — Pavel Ambiont.

23 лютага (нядзеля)

15:00 Ліза Бобрыкава. Лекцыя «Дыгітальны паварот: ад кінаархіваў да сінематэк-атракцыёнаў».

17:00 Кацярына Лапіна-Кратасюк. Лекцыя «Transmedia storytelling: „культура ўдзелу“ ў тэорыях і практыках».

20:00 Паказ фільмаў Уладзіміра Кобрына. Жывое музычнае суправаджэнне — Alexei Sfourds.

24 лютага (панядзелак)

16:30—19:00 Леанід Лознер. Лекцыя «Музей навукі і яго роля ў развіцці навукова-тэхнічнага патэнцыялу грамадства». Дыскусія «Які музей тэхнікі і навукі патрэбен Беларусі».

26 лютага (серада)

17:00 Кацярына Янчэўская, Алена Тоўсцік, Ірына Стальная. Лекцыя-дыскусія «Медыялізацыя і медыкалізацыя культуры: як магчымая гісторыя мастацтва ў эпоху інтэрнэт, або ці заўжды глядач ёсць пацыентам?»

19:00 Паказ фільмаў Уладзіміра Кобрына. Прадстаўляе Артурас Букаўскас .

27 лютага (чацвер)

17:00 Ала Сакалова. Лекцыя «Класічная мастацкая літаратура: ад штодзённасці да прававых ідэяў (на прыкладзе творчасці А. С. Пушкіна)».

18:30 Дыскусія «Новыя рэпрадуктыўныя тэхналогіі як прастора сацыяльных трансфармацый» (Ганна Селязнева, Таццяна Шчытцова, Сяргей Галенчэнка).

20:00 Прэзентацыя аудыявізуальнай інсталяцыі 24h Solaris (Альмира Усманава, Алесь Цурко).

28 лютага (пятніца)

17:00 Таццяна Шчытцова. Лекцыя «Змяненне структуры маральнага досведу ў эпоху біятэхналогій».

18:30 Прэзентацыя апошніх нумароў філасофска-культуралагічнага часопіса «Топас». Узнагароджанне пераможцаў навукова-даследчага конкурсу сярод маладых даследчыкаў.

20:00 Сустрэча выпускнікоў ЕГУ ў клубе «Піраты» (пр. Партызанскі, 6А), выступ гурта «Адыс Абеба» (патрэбна загадзя зарэгістравацца на alumni@ehu.lt).

1 сакавіка (субота)

17:00 Вікторыя Мусвік. Лекцыя «Венера і Меланхолія. Рэнесансны міф, псіхалогія і нейранавукі».

20:00 Паказ фільма «Аэліта» (1924), жывое музычнае суправаджэнне — Echochorus (Рыга, Латвія).

2 сакавіка (нядзеля)

17:00 Лекцыя Марыі Гадаванай

19:00 Фінісаж. Музычнае суправаджэнне — KorneJ

У праграме магчымыя змены. Сачыце за абнаўленнямі інфармацыі!

Аўтар і куратар праекта — Альміра Усманава
Каардынатар праекта — Аляксей Барысёнак
Куратары аўдыявізуальнай праграмы — Павел Няхаеў, Вольга Салахеева
Куратар выставы студэнцкіх праектаў — Таццяна Кулажэнка