Электронны ўікэнд 17–18 кастрычніка 2014

У гэтым кастрычніку Беларусі пашанцавала на прыезд цікавых замежных электронных артыстаў. 10 кастрычніка ў Гародні феерычна выступіў DMX KREW— ангельскі майстар эксперыментальнага электра, чые рэлізы пад мноствам імёнаў — EDMX, Computor Rockers etc — выходзілі на Rephlex, Breakin’.

DMX Krew @ Hrodna \ Grodno, Belarus

Танцпол клуба «Пелікан», што ля мясцовага заапарку, быў поўны пад завязку — акрамя гарадзенцаў на вечарыну народ ехаў і з Мінску, у выніку чаго квіткі на цягнікі разляцеліся яшчэ хутчэй, ніж звычайна, а маршрутчыкі давалі ў рэйс дадатковыя аўтобусы.

[fsg_gallery id=«1″]

Фатограф: Іван Макарэвіч

Арганізатарамі гарачай імпрэзы, якая рыхтавалася паўгода, сталі дыджэі Nobel & Kreep з гарадзенскай суполкі Dark Side of Techno. Хлопцы наладзілі добрую трансгранічную супрацу з суседнім Беластокам, дзякуючы чаму іх саміх можна пачуць на фэстах у Польшчы (на Up To Date Festival, ці нават на рокерскім «Басовішчы»), а у Гародні можна паслухаць польскіх тэхна-дыджэяў.

А ў бліжэйшую пятніцу, 17 кастрычніка, у Мінск завітае Mesak — адзін з самых цікавых фінскіх электронных падпольшчыкаў, заснавальнік уплывовага лэйблу Harmönia. Вядомы аматарам электра па праекце Mr. Velcro Fastener, Tatu Metsätähti пад псеўданімам Mesak грае больш эксперыментальную музыку — Skweee. Што гэта за музыка і хто такі Mesak можна пачытаць тут і тут.

Дні Скандынаўскай электронікі — Mesak (FI) | клуб Піраты | 17 кастрычніка 23:00

mesak-belarus

Як і гарадзенскі выступ DMX KREW, гэтая імпрэза добры прыклад самаарганізацыі.

Арганізатары вечарыны — суполка Skweee.by, якае грае, выдае і папулярызуе Skweee-музыку на Беларусі. Вечарыну таксама падтрымала прадстаўніцтва амбасады Фінляндыі. Дарэчы, выступ Mesak стане пачаткам «Дзён Скандынаўскай электронікі», якія запланавалі Віктар Жук і каманда — а значыць, будуць яшчэ цікавыя госці.

На вечарыне выступяць некалькі беларускіх артыстаў, якіх варта прадставіць падрабязней.

Kritchev vs. Ban — эксперыментальна-індустрыяльны праект, вядомы яшчэ з 90-х сваімі перформансамі ў стылі «No music. No instruments». Ня так шмат пост-савецкіх музыкаў можа пахваліцца, што іх запісы выходзілі на культавым галандскім лэйбле Staalplaat — а хлопцы з Kritchev vs. Ban выдалі там шэсць CD пад некалькімі псеўданімамі! У пятніцу Kritchev vs. Ban зайграюць dj-set.

Generation Skweee — супольны праект Kritchev vs. Ban і індустрыяльшчыка Roomdark, вядомага яшчэ як паэт-эксперыменталіст Ярыла Пшанічны. Чакайце ад іх беларускага гатунку Skweee.

Aortha — ambient \ field recording праект Змітра Пляна, паэта, музыкі і культурнага актывіста, заснавальніка самага пладавітага беларускага лэйбла — HAZE — які выпусціў ужо каля 300 запісаў аўдыё-авангардыстаў з усяго свету. У апошні час лэйбл радуе зборнікамі-прысвячэннямі паэтам\пісьменнікам і гарадам. Так, у серыі урбаністычных гукавых ландшафтаў, ужо выйшлі трыб’юты Мінску, Вільні, Берліну і Шанхаю.

Evgeni Rogozin — у 1997 стварыў нойз-індустрыяльны праект Stereonoize Gallery, у пачатку 2000-х заснаваў лэйбл Dis Productions разам з Уладам Бубнам, пайграў у мностве гуртоў (з нядаўніх — Pafnutiy’s Dreams — дзе Яўген адказвае за нойз і электроніку), стварыў безліч саўнд-трэкаў і саўнд-дызайнаў. На вечарыне заяўлены з нявінным 'minimal techno', але нешта падказвае, што гэта будзе такі нойз-мінімал, што пекла заледзянее…

Pavel Ambiont — грае гіпнатычнае тэхна і электра, выдае беларускіх тэхна-музыкаў на Force Carriers. Выпускаў супольныя запісы з брытанцам Pinch. Адзін з нешматлікіх беларускіх электроншчыкаў, хто выступаў у ЗША. Папулярызуе нашу электроніку ангельскамоўнымі публікацыямі, выкладае ў ЕГУ сучасную музкультуру і крэатыўныя індустрыі.

DJ Drug — ён жа Дзяніс «Лондан» — прамоўтар і дыджэй, вядомы з сярэдзіны 90-х яшчэ па вечарынах у «Рэзервацыі \ Альтэрнатыве». Апошніх некалькі год няспынна арганізуе тэхна-вечарыны і онлайн-трансляцыі. На вечарыне прадставіць dj-set эксперыментальнага тэхна.

Acid Brothers — малады мінімал-тэхна дуэт братоў Аляксандра і Андрэя Кашмель.

Лайв-відэа падтрымку музыкам забяспечаць VJ Solar Olga і VJ Чорны Вінт:

VJ Solar Olga — Відэа-артыстка, якая працуе з суполкамі Foundamental Network і Force Carriers. Каардынатарка фэстаў LPM Minsk і Artes Liberales. Дуэт VJ Solar Olga & Pavel Ambiont з сэтамі ў стылі «visual techno poetry» можна сустрэць як на беларускіх фэстах (у Мінску, Белавежскай пушчы, ці ў Грушаўцы Тадэвуша Рэйтана), так і ў еўрапейскіх клубах, галерэях і ў арт-хаўс кінатэатрах.

VJ Чорны Вінт — выступае на вечарынах Grave Board Clan. Пачаў віджэіць не так даўно, але ўжо паспеў паўдзельнічаць у Рымскім Live Cinema Festival, дзе разам з электронным віртуозам Alexei De Bronhe прадставіў «жывое кіно», знятае ў Берліне.

909 Techno Squat | Бар «ДК» | 18 кастрычніка 23:00

techno-squat

Той, хто выжыве пасля вясёлай ночкі з Mesak і кампаніяй, зможа у суботу размяць косткі ў «Доме Культуры» на вечарыне 909 Techno Squat, арганізаванай адэптамі радыкальна анты-дыджэйскай групоўкі Grave Board Clan. На дзвюх пляцоўках будзе з паўтара дзесятка артыстаў, якія граюць толькі сваё і ўжывую!

Тэхна-танцпол акупуе каманда з UVL, S4DS, Pavel Ambiont — усе трое вядомыя тым, што ад іх можна чакаць як глыбока-дабавага тэхна, так і жорсткага індустрыяльнага. Тут жа — Radiokoala з Гародні са сваімі няпростымі мадулярнымі жалезкамі, загадкавы Azbukin з даб-тэхна і адзін з арганізатараў імпрэзы — Alexei De Bronhe — які зайграе новую тэхна-праграму, падрыхтаваную да перформанса на Live Cinema Festival.

Калі тое, што будзе адбывацца ў тэхна-прасторы, яшчэ можна больш-менш уявіць, то на другой пляцоўцы будзе нешта непрадказальнае: Баssota & Live Beatmakers Room з лайвамі ў стылях Juke / Footwork / HipHop / Bass / Grime:

Myownchoir b2b Radjin (live)
Luka b2b Simple Blasta (live)
Fb (grime) b2b Code5 (juke/footwork)
Yan.lis (bass) b2b Kipah (footwork/juke)
Ouka (bass) b2b Seva Astranaut (juke/footwork)

Карацей, калі вы ў гэты ўікэнд сабраліся ў «Dozari» — то ідзіце. А мы ўжо ведаем, куды пойдзем!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *