Šuma «Žnivo»

Альбом «Жніво» гурт запісваў некалькі год — у песень быў час выспець. Сапраўды, гэта спелы альбом, адначасова разнастайны і цэласны. Адчуваецца, што музыкі падышлі да кожнай песні грунтоўна і нешаблонна — гэта не рэміксавы праект, калі прад’юсар атрымлівае гатовы вакал, каб дадаць модныя рытмы і гукі. Тут кожны трэк — самадастатковая праца — і ў плане вакалу, музыкі і аўдыё-дызайну.

Вакальны складнік — бездакорны. Расчараваць ён можа хіба што хардкор-аўтэнтыстаў — соўлавай, поп-музычнай манерай. Астатніх жа галасы Русі і Надзеі зачаруюць. Інструментальная аснова альбому — bass-музыка з элементамі дабстэпу (у добрым яго, «класічным» сэнсе) і розных гатункаў даўнтэмпа. Музыка пабудаваная на мяккім саб-басе (які не мутуе ў тупы wobble), біт прыскоквае пад клэпы альбо крочыць задуменна і павольна, талерачкі і цымбалы трапяткія і далікатныя. «Сярэдзіна» ж даволі прасторная (сінтэзатарныя партыі з’яўляюцца хіба што ў апошняй песні), што дае дастаткова месца вакалу і акустычным інструментам.

Найбольш збалансаванае спалучэнне вакалу і музыкі, мне падаецца, у песнях «Ой еду я дарогаю» , «Дык гула пчолка», «Песенка», «На моры вутка купалася» — яны проста выдатныя, цякуць бы вада. Музыка мякка аздабляе вакальныя партыі і, часцей за ўсё, не адцягвае на сябе зашмат увагі. Адзначу яшчэ апошнюю песню — «Вецярок вее» — у якой гучыць і вакал Юліі Гібкоўскай, а музыка струменіцца амаль па-трансаваму — хоць і зусім не псі, і не транс. [Гэтая песня — такі сабе масток да праекту Šuma Voices & Ne-Tek, дзе трансавы, глыбінны \ рытуальны кампанент праяўляецца мацней, а сінты і басы разгортваюцца павольна і шырока, даючы песням прастор і волю, не змушаючы іх чапляцца за біт.]

Але ж часам электроніка пачуваецца занадта вольна — бас і біт выходзяць на першы план, гукавую карціну загрувашчваюць шматлікія дэталі («Перапёлка»), электроніка падпарадкоўвае песню, амаль змяшчае галасы ў клетку біту, змушае іх гучаць ненатуральна. Напрыклад, фрагмент «Іскаркі» (1:10 — 1:55) — не зусім разумею, навошта перабіваць плынь такой прыгожай песні даркушным, а-ля індустрыяльным кавалкам — для кантрасту? «Пайду жа ў лес» — пачынаецца з чароўна-псіхадэлічнага вакальнага блукання ў лесе, а потым драматычны сюжэт песні ілюструюць зашмат грымотаў, басавага жужжання і дысанантных гукаў, ад якіх хочацца адмахнуцца, як ад надакучлівай балотнай жамяры.

Ведаючы, на якіх заходніх музыкаў і лэйблы арыентуецца Šuma, хочацца ўсё ж параіць — не глядзіце вы ўжо на іх! Яны вымушаныя крэацівіць свой мудрагелісты саўнд, бо не маюць таго фальклёрна-вакальнага матэрыялу, які вылузнецца з любой яскравай пластыкавай абгорткі.

На Беларусі любы праект, што інтэрпрэтуе фальклёр, рэч не толькі музычная\эстэтычная, але і палітычная — бо закранае сакральнае ядро нацыі — сімвалы, міфы, рытуальныя спевы. Кожная такая спроба факусуе на сабе шмат чаканняў і эмоцый — і, адпаведна, выклікае шмат крытыкі, калі штосці робіцца не паводле адзінага канону, не так, як прынята. «Жніво» — гэта не альбом аўтэнтычнага фольку, але ён і не ператварыўся ў суцэльную эксплуатацыю trendy sounds, не губляе густу і меры. Музыкі разумеюць, што гнацца за сённешнім гукам справа марная, і ў іх атрымалася не зваліцца ў пастку з трэпам, джукам і іншымі стылямі, якія стануць 'нямодными' праз пару год.

Šuma «Žnivo» - Шума Жніво

Паглядзім, як альбом будзе слухацца праз 5–10 год. На сёння ж гэта унікальная і прыгожая праца, зробленая з любоўю, натхненнем і розумам — хіба што крышачку перанасычаная «знакамі часу» (як і вокладка альбому, што адсылае да аднаго з нядаўніх дызайнерскіх трэндаў). Спробаў спалучэння беларускага фальклёру і сучаснай папулярнай музыкі, роўных гэтаму альбому, я пакуль не чуў. Калі зараз у Шумы «Жніво», цікава, што будзе пасля «малацьбы», калі першапачатковая задача — прывабіць слухачоў знаёмай мовай сённешніх стыляў — будзе ўжо выкананая?

Тэкст: Павел Няхаеў для Foundamental.net

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *