(Русский) Šuma “Žnivo”
Альбом “Жніво” гурт запісваў некалькі год – у песень быў час выспець. Сапраўды, гэта спелы альбом, адначасова разнастайны і цэласны. Адчуваецца, што музыкі падышлі да кожнай песні грунтоўна і нешаблонна – гэта не рэміксавы праект, калі прад’юсар атрымлівае гатовы вакал, каб дадаць модныя рытмы і гукі. Тут кожны трэк – самадастатковая праца – і ў плане вакалу, музыкі і аўдыё-дызайну.
Вакальны складнік – бездакорны. Расчараваць ён можа хіба што хардкор-аўтэнтыстаў – соўлавай, поп-музычнай манерай. Астатніх жа галасы Русі і Надзеі зачаруюць. Інструментальная аснова альбому – bass-музыка з элементамі дабстэпу (у добрым яго, “класічным” сэнсе) і розных гатункаў даўнтэмпа. Музыка пабудаваная на мяккім саб-басе (які не мутуе ў тупы wobble), біт прыскоквае пад клэпы альбо крочыць задуменна і павольна, талерачкі і цымбалы трапяткія і далікатныя. “Сярэдзіна” ж даволі прасторная (сінтэзатарныя партыі з’яўляюцца хіба што ў апошняй песні), што дае дастаткова месца вакалу і акустычным інструментам.
Найбольш збалансаванае спалучэнне вакалу і музыкі, мне падаецца, у песнях “Ой еду я дарогаю” , “Дык гула пчолка”, “Песенка”, “На моры вутка купалася” – яны проста выдатныя, цякуць бы вада. Музыка мякка аздабляе вакальныя партыі і, часцей за ўсё, не адцягвае на сябе зашмат увагі. Адзначу яшчэ апошнюю песню – “Вецярок вее” – у якой гучыць і вакал Юліі Гібкоўскай, а музыка струменіцца амаль па-трансаваму – хоць і зусім не псі, і не транс. [Гэтая песня – такі сабе масток да праекту Šuma Voices & Ne-Tek, дзе трансавы, глыбінны \ рытуальны кампанент праяўляецца мацней, а сінты і басы разгортваюцца павольна і шырока, даючы песням прастор і волю, не змушаючы іх чапляцца за біт.]
Але ж часам электроніка пачуваецца занадта вольна – бас і біт выходзяць на першы план, гукавую карціну загрувашчваюць шматлікія дэталі (“Перапёлка”), электроніка падпарадкоўвае песню, амаль змяшчае галасы ў клетку біту, змушае іх гучаць ненатуральна. Напрыклад, фрагмент “Іскаркі” (1:10 – 1:55) – не зусім разумею, навошта перабіваць плынь такой прыгожай песні даркушным, а-ля індустрыяльным кавалкам – для кантрасту? “Пайду жа ў лес” – пачынаецца з чароўна-псіхадэлічнага вакальнага блукання ў лесе, а потым драматычны сюжэт песні ілюструюць зашмат грымотаў, басавага жужжання і дысанантных гукаў, ад якіх хочацца адмахнуцца, як ад надакучлівай балотнай жамяры.
Ведаючы, на якіх заходніх музыкаў і лэйблы арыентуецца Šuma, хочацца ўсё ж параіць – не глядзіце вы ўжо на іх! Яны вымушаныя крэацівіць свой мудрагелісты саўнд, бо не маюць таго фальклёрна-вакальнага матэрыялу, які вылузнецца з любой яскравай пластыкавай абгорткі.
На Беларусі любы праект, што інтэрпрэтуе фальклёр, рэч не толькі музычная\эстэтычная, але і палітычная – бо закранае сакральнае ядро нацыі – сімвалы, міфы, рытуальныя спевы. Кожная такая спроба факусуе на сабе шмат чаканняў і эмоцый – і, адпаведна, выклікае шмат крытыкі, калі штосці робіцца не паводле адзінага канону, не так, як прынята. “Жніво” – гэта не альбом аўтэнтычнага фольку, але ён і не ператварыўся ў суцэльную эксплуатацыю trendy sounds, не губляе густу і меры. Музыкі разумеюць, што гнацца за сённешнім гукам справа марная, і ў іх атрымалася не зваліцца ў пастку з трэпам, джукам і іншымі стылямі, якія стануць ‘нямодными’ праз пару год.
Паглядзім, як альбом будзе слухацца праз 5-10 год. На сёння ж гэта унікальная і прыгожая праца, зробленая з любоўю, натхненнем і розумам – хіба што крышачку перанасычаная “знакамі часу” (як і вокладка альбому, што адсылае да аднаго з нядаўніх дызайнерскіх трэндаў). Спробаў спалучэння беларускага фальклёру і сучаснай папулярнай музыкі, роўных гэтаму альбому, я пакуль не чуў. Калі зараз у Шумы “Жніво”, цікава, што будзе пасля “малацьбы”, калі першапачатковая задача – прывабіць слухачоў знаёмай мовай сённешніх стыляў – будзе ўжо выкананая?
Тэкст: Павел Няхаеў для Foundamental.net